Старонка:Vybranyja apaviadanni 1926.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маліся, а Раман сказаў на дарогу сыну колькі слоў, сэнс якіх зводзіцца да таго, каб усё рабіць з розумам.

- Ну, шчасьліва, - прамовіў апошнія словы Раман і павярнуў у клуню. Маці стаяла яшчэ колькі мінут і пазірала на Івана. Матрона пашла з Іванам.

- Падыйду з табою да гэтага лесу, - сказала яна, заглядаючы з любасьцю ў вочы Івану.

Агародамі вышлі яны на выган і павярнулі па дарожачцы, што йшла каля плоту.

- Не даюць нам, Іванька, спакойна жыць. Хоць-бы дзянёк таго спакою. І дома ты, а сэрцам не на месцы. А пойдзеш - і таго горай.

У Івана таксама на душы было цяжка, а ў галаве варушыліся цэлым роем думкі. І хацелася сказаць маладой жонцы, і нават думкі добрыя былі, толькі слоў не знаходзілася адпаведных. І Іван ішоў радам з Матронаю, заглядаў ёй у вочы і толькі вачамі і сьмехам выказваў ёй свае думкі.

Дашлі да лесу. Лес, праўда, пачынаўся недалёка ад выгану. Праўда кажучы, гэта і ня лес быў, а проста так зваўся па старой памяці.

- Глядзі-ж ты, Матрона, ня вельмі-та па вуліцах вечарамі разгульвай, - сказаў прыпыніўшыся Іван.