Гэта старонка не была вычытаная
Я з капейкі зьбіўся,
Зарабіць я рад.
— Ці няма работы?
— «Асадзі назад!»
Сам я растрапаўся,
Лезе з плеч халат.
— Памажэце, людзі!
— «Асадзі назад!»
Сына свайго ў людзі
Вывеў бы Ігнат
— Ось, мой сын, паночкі!
— «Асадзі назад!»
Ў вёску хлеб прыслалі—
Там галодных шмат…
Пруся я з мяшэчкам—
«Асадзі назад!»
Галаву я маю,
Быў бы дэпутат.
— «Цэнзу» ты ня маеш—
«Асадзі назад!..»
Праўда, што таіцца?
Быў і мой чарод:
Два разы на жыцьцю
Вышаў я ўпярод:
Ўзбунтавалась вёска—
Ой, быў цяжкі год!
Прыяжджае прыстаў:
— Выхадзі ўпярод!
Гэта ты, мярзавец,
Ўзбунтаваў народ?
Гэй, гарадавые!
Даць яму ўпярод!
1908 г.
|}