Старонка:Vodgulle 1922.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ды прывыкла яна
Да паўночы сядзець
І скрозь шыбы вакна
Ночцы ў вочы глядзець:

А у коміне зноў
Вецер песьню пачаў;
Вось ён глуха завёў,
Як жабрак засьпяваў.

Ў гэтай песьні глухой
Сьлёзы гора чутны,
Плач і енкі з мальбой
Адзінокай душы.

—Мама! страшна мне тут,
Я баюся адзін:
Унь варушыцца жмут
На ашэстку аўчын!—

Сын малы, Васілёк,
Кліча матку к сабе.
—Бог з табою, сынок:
То здалося табе!

Ня пужайся, дурны:
То аўчынкі вісяць,
Няжывыя яны
І ня могуць чапаць,—

Мама! сядзь, ідзі тут…
Што так страшна гудзе?—
Ставіць прасьніцу ў кут,
К сыну матка ідзе.

—Мама! чуеш: во—во!
Хтось па даху пабег!
Гэта злодзей ці хто?—
—Не, сынок: гэта сьнег.—