Старонка:Vodgulle 1922.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ў сяле была хата на дзьве палавіны,
Прасторны абедзьве, як тыя адрыны.

Але пуставала адна палавіна:
У ночы, як пойдзе апоўнач часіна,

Прыходзіць ціхутка туды Невядомы,
Прыходзіць нявідны, стаіць нярухомы

І толькі гаворыць: «Ой, рыну ж я, рыну!»
І кожны, пачуўшы такую навіну,

Скарэй бег наўцекі, бег вон з гэтай хаты…
І што ты парадзіш?—Той дом быў закляты.

Чаго ні рабілі: вадой акраплялі,
Папоў і ксяндзоў там маліцца склікалі,

Сваё вядзе «Рыну», і хата пустуе.
Але раз пад вечар салдацік вандруе;

Прыходзіць служывы. „Эй, добрыя людзі!
Прыпынак салдату на ноч ці ня будзе?“

І рады-б, саколік, ды ліха такое:
Ня будзеш мець, родны, ўсю ноч ты пакою.

Ёсьць у нас хата, але заклятая:
Там «Рыну» ўсё ходзіць і сон адганяе.—

Патыліцу джургнуў салдат і гаворыць:
— Няхай сабе рыне, ня буду з ім спорыць.—

Паслалі салдату, як добраму пану.
— Пабудзіце, братцы, як сам я ня ўстану.—

Салдат пацягнуўся і выпрастаў ногі,
Салодка зяхнуў так, вядома з дарогі,

Як пласт, паваліўшыся на мяккае сена
(На ўсякі выпадак пад бок ўзяў палена).

Даўно не ляжаў наш салдацік так пышна.
Ляжыць ён спакойна, крыху такі сьцішна,