Старонка:Vodgulle 1922.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Стогне з табою і даль сіратлівая.
Ціш гэта немая, шыр маўчалівая
Ціхіх разлогаў-палёў.

Чым-жа пацешыць вас, людзі пакутныя?
Як разагнаці вам думкі ўсе смутныя?
Гора ня сьціхне ад слоў.

30/m 1914 г.

|}


НА ПОЛІ.

Шэпчуць згодна каласінкі,
Гойдаюцца нівы;
Ходзіць гоман срэдзь збажынкі,
Мілы і шчасьлівы…

Колькі шуму ў нашым збожы,
Сьпеву і гаворкі!..
Як вы мілы, як прыгожы,
Родныя узгоркі!

Як старанна заараны,
Поле, твае скаты!
Межы кветкамі убраны
Пышна і багата.

Над жытамі песьні льюцца,
Толькі сонца ўстане.
Люба глянуць, азірнуцца,
Стаўшы на кургане!

Разгарнулась поле кругам,
Як кілім зялёны,
То ўздоўж лавай, то дзе цугам
Ў даль бягуць загоны.

Па краёх палёў шырокіх
Цёмны лес сінее.
Колькі ў полі адзінокіх
Грушак зелянее!