Старонка:Vodgulle 1922.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А аратай, задуменны,
Зноў ідзе ступою.
Моцна, моцна іх зрадніла
Праца за сахою!

— Гэй, мой конік! гэй, мой сівы!—
Носіцца па полі.
Конік, сошка і аратай
Мерна йдуць паволі.

Эх, ты поле! колькі сілы
Тут затраціць трэба!
Цяжка, цяжка дастаешся
Ты, кавалак хлеба!

22/V 1911 г.

|}


ГОЛЬ.

Голь абадраная, голь неакрытая,
Злою нядоляю моцна прыбітая!

няма табе, горкай, ніколі спакою—
Ў весну і ў лета, у восень, зімою…

Людзі бяздомныя, людзі бязродныя!
Поўняцца вамі астрогі халодныя;

Там холад і сырасьць і вецер сьвідруе,
Там твае скаргі ніхто не пачуе…

Што-ж цябе гоніць, голь неакрытая,
Голь бедачыная, Богам забытая?

6/X 1910 г.


СТАРЫЯ ПЕСЬНІ.

Скарга нязьменная, гора нязбытае…
Голь змардаваная, голь неакрытая,
Бедная, цёмная, цёмная голь!

Заўжды спагнаньнем мяне спатыкаеш,
Заўжды ты душу маю спавіваеш
Ў цяжкую тугу і боль.