Перайсці да зместу

Старонка:Vodgulle 1922.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ходзіць подскакам ў дрыготках
Сошачка крывая.

Аратай ідзе спавагу,
Мерна, крок за крокам.
Вузка доўгая палоска,
Не акінеш вокам.

Пройдзе боразну аратай,
Сошку падтрасае;
Сам назад ўвесь падаецца;
Конік службу знае:

Сам заходзіць без панукі.
Без каманды, спраўна,
Аж нейк глянуць на сівога
Люба і забаўна.

Нібы знае сівы конік
Думкі аратая,
І яго панукі-крыку
Сіўка не чакае.

Аратай-жа, завярнуўшысь,
Спыніць друга-сіўку,
Слова ласкавае скажа
І паправіць грыўку;

Гладзіць коніка па шыі,
Мух дакучных гоніць,
Як бы з самым лепшым другам,
З сіваком гамоніць.

— Змардаваўся? адпачынь, брат!
Пастаім, пакурым;
Вератнік мы гэты скончым,
Спачываць патурым.—

Конік трэцца галавою
Аб яго кашулю;
Адпачыўшы, зноў ён цягне
Сошачку крывулю.