Старонка:Vodgulle 1922.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дзе і сам жывеш супольна
З жыцьцем хвой і тых дубоў,
Што як хлопцы, тут стаялі
І на хвоі паглядалі,
Як на панначак-дзяўчат.
Я пагульваў тут маўклівы
Ды спакойны, ды шчасьлівы,
Думкі думаліся ў лад.
Эх, ты, гай! Ня раз, бывала,
Тут душа адпачывала,
Сэрца цешылась, ды чым?
Толькі-ж хто пра гэта знае?
Ты, ды я, ды маладая…
Хто? про тое памаўчым…

3/IX 1916 г.

|}


ГУСІ.

Гусі, гусі, вырай вольны!
Сумен крык ваш, гусі!
Ляціцё вы ў сьвет раздольны
З нашай Белай Русі.

Засмуткуюць зноў балоты
Бяз вас, госьці лета;
Занудзяцца, як сіроты,
Лозы там да сьвета

Што-ж? ляцеце—для свабоды
Вам і крыльле служаць
Толькі-ж шкода чагось, шкода —
Па вас далі тужаць,

І гаруе сіратлівы
Ў чырвань лес адзеты…
Ой, вы гусі! панясьлі вы
За сабою лета!

22/IX 1916 г.