Старонка:Vodgulle 1922.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ой, ня кліч ты, ночка,
На прастор і волю,
Бо заплача сэрца
І душа ад болю!

Ночка-чараўніца!
Як ты ціха, міла!
Як ты многа думак
Ў сэрцы абудзіла!

7/VI 1910 г.

|}


РАНІЦА ВЯСНОЮ.

Ціха ў полі, ціха ў лесе,
А ні шэпне вецярок,
Толькі дзесь у паднябесьсі
Льецца звонкі галасок.

Як бы срэбраны званочак,
Роніць ўніз за трэлем трэль,
Аж заслухаўся гаёчак,
Не парушыцца і ель.

На усходзе бляск агністы
Літым золатам дрыжыць;
Слуп высокі, прамяністы
Роўным полымем гарыць.

Тонкіх хмарак валаконцы
Сталі хораша ў радок,
Як бы ўюць яны для сонца
З тых валоканцаў вянок.

Ціха ў полі, ціха ў лесе
Чуць балбоча ручаёк,
А высока ў паднябесьсі
Льецца звонкі галасок.

7/I 1910 г.