Люд! Праканайся: толькі мы самі—
Долі свае кавалі.
Годзі жа, досыць панукаць намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!
Нам паганятых болей ня трэба—
Будзем мы жыць без паноў.
Самі вы дбайце лепей пра неба!—
Скажам мы так да ксяндзоў.
Хіба забудзем мы тыя межы,
Што правадзілі бяз нас?
Раны глыбокі, ох, яшчэ сьвежы!
Помсты агонь не пагас.
Нас падзялялі—хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д‘яблу граніцы..!
Нашы тут гоні, бары!
Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць!
Годзі тэй крыўды! Ў ногу з братамі
Пойдзем наш край вызваляць.
Ох, і агорклі гэтыя кпіны..!
Злучым мы ў хор голасы:
Эх, вы разлогі роднай краіны,
Нашы палеткі, лясы!
Родны вы сэрцу нашаму гмахі
Лесу, лугоў і палёў!
Досыць ўшчувалі нас паны-ляхі,
Ведаем ціск маскалёў…
Змоўкні жа, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд! Вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песьні сьпявай!
|}
Р. В. Ц. № 231.
Сав. друк. № 1614.