І цяпер, як ўчора,
Сэрца смутак знае.
Кавалі другія,
А ланцуг той самы —
Песьні ўсё старыя
Неаджытай гамы.
20/VIII 1921 г.
|}
Шаблон:Цэнтраваны блёк/Пачатак
У ПАЛЁХ БЕЛАРУСІ.
Дзень добры вам, лясы і далі,
Прасторы ціхія зямлі!
Я зноў срэдзь вас, пагоркі-хвалі,
Палоскі цьмянае ральлі!
Вітаю вас, як блізкіх, родных,
Старыя хвоі на палёх,
І вас, красёнцы сьцежак згодных,
Сьляды нялічаных дарог!
І гэты жоўценькі пясочак,
Дзе хвойкі зелена растуць,
Бярозы тыя, што ў шнурочак
За рубяжы зямлі бягуць;
Ўдоўж рэчкі гэты луг муражны,
Дубоў разьвіслых цэлы рад
І буслаў дом, стары, заможны,
Як той пасэсарскі пасад.
То тут, то там лясок сінее,
Ў лагчынах рэчачкі блішчаць,
Ад усюль пакоем Божым вее,
На ўсім адна ляжыць пячаць —
Развагі ціхай, задуменьня
І нейкай смутнае красы,
І чуеш ў гэтым лятуценьні
Адвечнай песьні галасы.