Перайсці да зместу

Старонка:Vodgulle 1922.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НЯ ДАМСЯ!

Вось мяне і пасадзілі,
Каб сялян не бунтаваў;
Мяне білі і судзілі,
Па вучастках валачылі,
А цяпер сюды папаў.

Што ж, Язэбка! Чысьць куточкі,
Блага—ўсюды многа цьмы…
Ды ня думайце, паночкі,
Што спужаўся я турмы!

Хоць каму, а жыць тут трэба,
Каб астрог не пуставаў.
Доля выбрала Язэба —
Жуй, Язэб, скарынку хлеба,
Покі Гурка не раскраў;

Жуй, хоць плачуць твае вочкі —
І да сьлёз прывычны мы…
Ой, ня думайце, паночкі,
Што спалохаўся турмы!

Праўда, жыць тут не салодка:
Харч—сьвіначы лепшы стол,
Пухне пуза, як калодка,
Але голад, брат, ня цётка:
Ем бурду іх, ях той вол.

Што ж, Язэбка: гора змальства,
Беднасьць гнала да сумы…
Эх, ня радуйся, начальства:
Не зьлякаўся я турмы!

Ось адбуду тэрмін гэты,
Выйду я на сьвет з муроў.
Зноў за кніжкі, за газэты…
Вось вам, плешкі-апалеты:
Не баюся я шнуроў!..