Перайсці да зместу

Старонка:Vodgulle 1922.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕСЬНІ ВЯСНЫ.

Ў полі песьні, шум і гоман.
Ну-ж, і выдаўся дзянёк!
Сьнег на дзірках, лёд надломан,
І сьпявае ручаёк:
— Гэй, сябры! гэй, ручаёчкі!
Дружна разам пабягом!
Вёскам, людзям ўсім, браточкі,
Песьню волі запяём!

Ой, вы, людзі! паглядзеце,
Колькі мы нясём вады!
Бо яднаньне—сіла ў сьвеце,
А хто дужшы грамады?

Мы дарогі ў полі знаем,
Не заблудзіцца вада.
Знаньне—сіла! мы гукаем:
Гэй, за намі, грамада!

Мы імчым ўсё далей воды,
Затапілі мы брады.
Дружнасьць—першы крок свабоды,
Згоднасьць—сіла грамады.

19/I 1909 г.


НА ЛУЗЕ.

Добра ў лузе ў час палудны,
Лёгка тут ўздыхнуць!
Хмаркі белыя марудна
За лясы плывуць:

Ветрык краскі чуць калыша,
Чараты шуршаць;
Луг зялёны жыцьцем дыша.
Конікі трашчаць;

Ў лозах шчэбет ня сьціхае,
Шум стаіць і сьвіст;