Старонка:Vershy dlia dziacej 1945.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЗІМА

Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.
Замялі дарогі
Ветрыкі снягамі.
Лес, як дзед убогі
З доўгімі вусамі.
Апусціў галіны
І стаіць журботна.
Зрэдку верхавіны
Зашумяць маркотна.
Мяккая пярына
Вочы адбірае.
Белая раўніна —
Ні канца, ні краю.
Пад пялёнкай белай
Травы і лісточкі.
Рэчка анямела,
Змоўклі ручаёчкі.
Амярцвелі лозы,
Чуць галлём хістаюць.
А ў палях марозы
Ды вятры гуляюць.


КОНЬ І САБАКА

Свабодны конь гуляў на волі,
І хвост і грыву распусціў;
Іржаннем ён сваім будзіў
І лес стары, і чыста поле.