Старонка:Vajna vajne 1938.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

6 Дзед Мікіта. Нічога не відаць.

Аслаў. Ні дыму, ні агню.

Дзед Мікіта. Чуй, дурань-браце, тут штось не так. Склікаць народ пажарным звонам?

Аслаў (ускідае плячыма). Няйначай, як трэба нам пайсці туды бліжэй.

 (Збіраюцца ісці, але іх увагу затрымлівае кабета ў лахманах, з клункам за плячыма, з доўгім кіем у руках.).

Дзед Мікіта. А хто гэта там, чуй, дурань-браце, ідзе?

КАРАЛІНА (пяе):

Калі-ж ты памрэш, дзядочак ты мой?
Калі-ж памрэш, галубчык ты мой?

(Да Аслава і Мікіты.) Дзень добры вам, мужчынкі! Смерць вам нізка кланяецца. Даўно, кажа, чакаю іх у госці.

Дзед Мікіта. Ідзі, ідзі, чуй, дурань-браце. Ідзі, куды ідзеш.

Караліна. Які-ж ты фанабэрысты. А-я-яй.

Мікіта. Да адчапіся ты, Караліна.

(Караліна праходзіць далей. Чуваць звон глухі, надтрэснуты. Голас яго дужа нагадвае словы: «гвалт, гвалт».)

Дзед Мікіта (перапалоханы). О, божа твая воля! Што-ж гэта ёсць такога? У звон пажарны зазванілі. Даўно яго не чулі мае вушы.

Аслаў. А ведаеш, Мікіта, напэўна лес княжыцкі гарыць.

Дзед Мікіта. О, даў-бы гэта бог, каб толькі таго ліха. Абы не нас яно кранула, чуй, дурань-браце.

(Шум, трывога нарастаюць. Збягаецца народ, устрывожаны, ніхто нічога не ведае. Зноў, як мага, бяжыць Гараська.)

Гараська. Дзядок, сам земскі пад званком прыехаў!

Дзед Мікіта. Вось ліха!

(За сцэнаю голас старасты: «На сход, на сход! Усіх гані на сход. Збірацца каля хаты дзеда Мікіты». Сходзяцца мужчыны, жанкі, дзеці. Усе перапалоханы, растрывожаны. Каля хаты дзеда Мікіты збіраецца натоўп. З натоўпу відаць папова галава ў капелюшы. Праз натоўп праціскаецца стараста, за ім земскі начальнік Будан-Рыльскі, паліцэйскі стражнік Шышла і дзесяцкія з палкамі. Будан-Рыльскі узлазіць на калодку. Народ замаўкае. Паказваецца Караліна.)

Караліна. Ха-ха-ха! Кажуць бо пажар. А тут няма ніякага пажару. Пакідалі на полі работу і выдумалі нейкае вяселле спраўляць… вось дурныя, а бадай…

Шышла. Замаўчы, брыда. (Б’е яе нагайкаю. Караліна, дзіка азіраючыся, хаваецца.)

Будан-Рыльскі (выраз твара важны. Акідае поглядам народ. Колькі моманту захоўвае маўчанне). Слухайце! (Вымае паперу, чытае адрывіста, націскаючы на кожнае слова.) Высочайшее повеление о мобилизации.

Шышла (крычыць ва ўсё горла). Шапкі далоў! Імператарскі указ, да, собствена, да!

(Мужчыны знімаюць шапкі.)