Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вялікія іголкі, утыркнутыя за каўнер яго курткі і абмотаныя ніткамі. Адна іголка была з чорнай ніткай, другая — з белай.

— Яна не заўважыла-б, каб не гэты Сід. Ах, чорт, яна-ж рознымі ніткамі шые, то чорнымі, то белымі, — дзе-ж мне ўпомніць? Хай ужо шыла-б аднымі!.. А ўсё-такі я Сіду, за гэта дам — хай мяне чорт возьме, калі не дам!

Праз дзве хвіліны — і нават менш — ён ужо забыўся на свае непрыемнасці.

Справа ў тым, што ён навучыўся ў аднаго негра свістаць і цяпер мог без перашкоды практыкавацца ў гэтым мастацтве. Негр пераймаў свіст птушак, перарываючы яго гурканнем, для чаго трэба было трохі датыкацца языком да нёба. Чытач, мусіць, памятае, як гэта робіцца, калі ён калі-небудзь быў хлопчыкам. Дзякуючы надзвычайнай стараннасці, Том хутка зразумеў, ў чым тут справа.

Ён весела шагаў па вуліцы.

Улетку вечары доўгія. Яшчэ было светла. Раптам Том абарваў свой свіст. Перад ім быў чужы, незнаёмы хлопчык, крыху большы за яго самога. З’яўленне новай асобы ў такім маленькім гарадку, натуральна, выклікала напружаную цікавасць у Тома. Да таго-ж хлопчык быў добра апрануты — добра апрануты ў будні дзень! Гэта-ж нешта незвычайнае! На ім была надта прыгожая шапачка; яго сіняя суконная куртка, шчыльна ахапляўшая цела і зашпіленая на ўсе гузікі, была зусім новая і чысцюткая, таксама як і яго штаны. На нагах у яго былі чаравікі, хоць дзень не быў святочны. На шыі ў яго была яркая істужка — гальштук! Наогул, у яго быў выгляд гарадскога франта, што абражала Тома да глыбіні душы. Чым больш глядзеў Том на гэты цуд, тым вышэй задзіраў ён свой нос, паказваючы, што не цікавіцца такім убраннем, і тым бяднейшым здаваўся яму яго ўласны касцюм. Абодва хлопчыкі не сказалі ні слова. Але варта было аднаму зрабіць крок, як рабіў крок і другі — толькі ў бок, па кругу. Пры гэтым яны ўвесь час стаялі тварам да твару і глядзелі адзін аднаму ў вочы. Нарэшце Том сказаў: