Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І яны так старанна «паддавалі палу», што хутка абодва запыхаліся і спацелі.

— Валіся-ж! — крыкнуў Том. — Чаму-ж ты не валішся?

— Не буду я валіцца! Сам валіся табе-ж яшчэ горш прыходзіцца.

— Ну, дык што з таго? Гэта нічога не знача. Я не магу валіцца. У кніжцы-ж не так, там сказана: «І ён адным лоўкім ударам у спіну паваліў на зямлю беднага Г'ю Гісборна». Ты павінен даць мне мажлівасць ударыць цябе ў спіну.

Супроць такога аўтарытэту супярэчыць нельга было: Джо павярнуўся, прыняў удар і ўпаў.

— Ну, а цяпер, — сказаў Джо, падымаючыся на ногі, — ты дай мне забіць цябе; гэта будзе сумленна.

— Але-ж гэтага нельга, гэтага ў кнізе няма.

— З твайго боку гэта нядобрасумленна!

— Ну, ціха, Джо, — ты-ж можаш быць манахам Тэукам і прыстукнуць мяне кіем па галаве. Або, хочаш, я буду шэрыф натынгемскі, а ты Робін Гуд, і ты заб’еш мяне.

Гэта спадабалася Гарперу, і гульня пачалася зноў. Потым Том зноў зрабіўся Робінам Гудам і зышоўся крывёю, дзякуючы здрадзе манашкі, якая даглядала яго рану; тады Джо, які прадстаўляў з сябе цэлы атрад плачучых разбойнікаў, з жалем адцягнуў яго прэч, улажыў у яго аслаблыя рукі лук, і Том сказаў: «Дзе ўпадзе гэтая страла, там пахавайце беднага Робіна Гуда, пад дрэвам у зялёным гаі». Потым ён пусціў стралу, адкінуўся назад і паваліўся-б мёртвым, каб не трапіў у крапіву, што прымусіла яго ўскочыць з неўласцівай нябожчыку жвавасцю.

Хлопчыкі адзеліся, схавалі ў зацішным месцы сваю зброю і разам пайшлі далей, шчыра шкадуючы, што цяпер няма разбойнікаў. Яны запэўнялі, што ахвотней згадзіліся-б быць год разбойнікамі ў Шэрвудскім лесе, як прэзідэнтам Злучаных Штатаў усё сваё жыццё.