Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мусіць мяне засмяяцца — і ўвесь мой гнеў ужо мінуў, і я яго пальцам не крану. Ведаю, ведаю, што галава ў яго поўная ўсялякай блазноты, але што-ж мне рабіць? Ён жа-ж сын маёй беднай нябожчыцы сястры, і ў мяне неяк духу нехапае адлупцаваць яго, як след. Кожны раз, калі я дам яму магчымасць унікнуць кары, мяне так мучыць сумленне, што і сказаць не магу, а калі пакараю — маё старое сэрца сціскаецца ад жалю. Ну, ды добра! Сёння няхай пагуляе, а заўтра прыдзецца засадзіць яго за работу. Жорстка будзе прымушаць яго працаваць па нядзелях, калі для ўсіх хлопчыкаў свята, але нічога не зробіш: работы ён не любіць больш за ўсё, а мне-ж трэба хоць колькі-небудзь выканаць свой абавязак у дачыненні да яго, а то скончыцца тым, што я загублю гэтага хлопчыка.

Том сапраўды бібікі біў увесь дзень, нават не глянуў у школу і вельмі добра правёў час. Ён вярнуўся дадому акурат у час, каб дапамагчы негру Джыму, хлопчыку-слузе, напіліць дроў і нашчапаць на распал або, прынамсі, расказаць Джыму пра свае прыгоды. Малодшы брат Тома, Сід (не родны брат, а стрэчны), к гэтаму часу ўжо справіўся са сваёй работай: яму было загадана набраць трэсак і стружак. Гэта быў паслухмяны, ціхі хлопчык, які ніколі не сваволіў.

Пакуль Том еў сваю вячэру і карыстаўся кожным выпадкам, каб сцягнуць кавалак цукру, цёця Поллі задавала яму хітрыя пытанні, з глыбокім сэнсам, — з надзеяй, што ён прагаварыцца і сам сябе выдасць. Як многія прастадушныя людзі, яна цешыла сябе думкай, што яна вельмі хітрая, і самыя наіўныя свае замыслы лічыла цудам хітрасці і дасціпнасці. Так і цяпер яна павяла гутарку здалёк:

— А што, у школе сёння, мабыць, было вельмі горача, Том, ці так?

— Так, цёця, досыць горача.

— Надта горача?

— Але, цёця.

— І табе захацелася купацца, Том?