Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Трохі-па-трохі яна здалася і апусціла рукі, а Том пацалаваў яе проста ў губы, кажучы:

— Ну, вось і ўсё, Бэкі. Цяпер ты ўжо нікога не павінна любіць, апрача мяне, і ні за кога, апрача мяне, не выходзіць замуж, ніколі, ніколі і навекі вякоў. Ты абяцаеш?

— Так, я нікога не буду любіць, Том, апрача цябе, і ні за кога другога не пайду замуж. І ты глядзі, ні з кім не жаніся, апрача мяне.

— Ды ўжо-ж, вядома, — такі ўгавор. І калі пойдзеш у школу ці са школы, ідзі са мной, — калі нікога з старэйшых не будзе блізка, — і ў гульні выбірай мяне, а я буду цябе выбіраць. Так заўсёды робяць заручаныя.

— Я ніколі не чула пра гэта. Гэта вельмі міла!

— Гэта надзвычайна весела! Мы з Эмі Лорэнс…

Шырока расчыненыя ясныя вочкі сказалі Тому, што ён даў маху, і ён спыніўся збянтэжаны.

— Том! Дык я ўжо не першая, з якой ты быў заручаны?

Дзяўчынка заплакала.

— Не плач, Бэкі. Я не кахаю яе больш.

— Не, кахаеш! Ах, Том, ты сам ведаеш, што кахаеш.

Том хацеў-быў абняць яе, але яна адштурхнула яго, павярнулася тварам да сцяны і зноў заплакала. Том пачаў суцяшаць яе, называючы ласкавымі імёнамі, зноў паспрабаваў абняць, але яна зноў адштурхнула яго. Тады ў ім абудзіўся гонар. Ён пакрыўдзіўся і вышаў.

На вуліцы ён пастаяў крыху, усхвалявана пераступаючы з нагі на нагу і пазіраючы на дзверы з надзеяй, што Бэкі раздумаецца і прыдзе за ім. Але яна не прыходзіла. Тому зрабілася ніякавата: а што, калі ён адзін вінаваты? Яму было вельмі цяжка прымусіць сябе зрабіць першы крок да прымірэння, але ён пабароў гонар і вярнуўся.

Бэкі ўсё стаяла ў куце і плакала, прыціскаючыся тварам да сцяны. У Тома ёкнула серца. Ён падышоў да яе, пастаяў крыху і, не ведаючы з чаго пачаць, выцягнуў галоўную сваю каштоўнасць — медны шарык ад пакрыўкі для жароўні — і, паводзячы ім перад яе вачыма, сказаў: