Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не варта?! А ты калі-небудзь прабаваў знішчаць ёю бародаўкі?

— Не, не прабаваў. А Боб Танер прабаваў.

— Адкуль ты гэта ведаеш?

— Ён казаў Джэфу Тэчэру, а Джэф — Джонні Бэкеру, а Джонні — Джыму Холмсу, а Джым — Бэну Роджэрсу, а Бэн — аднаму негру, а негр — мне. Вось і ведаю.

— Ну, дык што з таго? Усе яны хлусяць. Прынамсі ўсе, апрача негра, бо я яго не ведаю. Але я яшчэ не бачыў негра, які-б не маніў. Глупства!.. Цяпер ты мне скажы, як знішчаў бародаўкі Боб Танер?

— Ды так, узяў ды абмакнуў руку ў дажджавую ваду, што набралася ў гнілым дупле.

— Сярод белага дня?

— Вядома.

— Стаяць тварам да пня?

— Але. Прынамсі, так я памятаю.

— Гаварыў ён што-небудзь пры гэтым?

— А гэтага ўжо не ведаю.

— Ага! Як будзеш знішчаць бародаўкі гнілой вадой, калі не ведаеш, як прыступіцца да справы! З такога глупства, вядома, нічога не выйдзе. Трэба пайсці аднаму ў самую пушчу, зазначыць мясцінку, дзе ёсць такі пень з дажджавой вадой, і роўна а поўначы, стаўшы спіной да пня, апусціць руку ў ваду, прыгаварваючы:

Ячмень-зерне, ячмень-зерне, рассыпся мукою,
Гніль-вада, гніль-вада, вазьмі мае бародаўкі!