Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзець у вадзе, колькі ўлезе. Ніхто не забараняў яму біцца. Клаўся спаць ён, калі хацеў, хоць сярод ночы. Увесну ён першы з усіх хлопчыкаў пачынаў хадзіць босы і ўвосень апошні надзяваў скураныя боты. Яму не трэба было ні мыцца, ні надзяваць чыстае адзенне, і лаяўся ён дасканала. Словам, гэты хлопчык меў усё тое, што надае вартасць жыццю. Так думалі ўсе затузаныя, скаваныя «добрым выхаваннем» хлопчыкі з «прыстойных дамоў» у Пітэрсборо.

Том гукнуў мілага валацугу:

— Эй, Гекльберы! Хадзі сюды!

— Сам ідзі, калі хочаш!

— Што гэта ў цябе?

— Здохлы кот.

— Дай, братка, паглядзець! Бач ты, зусім здрантвеў. Дзе ты яго здабыў?

— Купіў у аднаго хлопчыка.

— Што даў?

— Сіні білецік і бычыны пузыр, які дастаў на бойні.

— А дзе ты ўзяў сіні білецік?

— Купіў у Бэна Роджэрса два тыдні назад за пугу.

— Слухай, Гек, а на што можа спатрэбіцца мёртвы кот?

— На што патрэбны? А бародаўкі знішчаць.

— Ну? Няўжо? Я ведаю спосаб лепшы.

— Давай спрачацца, што не. Якое?

— Гнілая вада.

— Гнілая вада! Нікуды яна не варта, твая гнілая вада.