Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

потым схапіла палаючую галаўню і сунула яе ў твар хлопчыку. Міг — і зуб павіснуў на нітцы ля ложка.

Але ўсё пакуты так або іначай узнагароджваюцца. Калі Том, паснедаўшы, з’явіўся ў школу, усе таварышы зайздросцілі яму, бо пустата, якая стварылася ў верхнім радзе яго зубоў, дазваляла яму пляваць зусім новым і незвычайным спосабам. За ім хадзіла цэлая чарада дзетвары, зацікаўленая такой з’явай: адзін хлопчык, які парэзаў сабе палец і да гэтага часу карыстаўся агульнай увагай і пашанай, — цяпер адразу страціў усіх сваіх прыхільнікаў, і слава яго змеркла. Ён быў вельмі пакрыўджаны і з няшчырай пагардай абвясціў, што нічога не варта так плявацца, як Том Соўэр; але другі хлопчык адказаў на гэта: «а ну, паспрабуй!» — і той адышоў, як развенчаны герой.

Неўзабаве пасля таго Том сустрэўся з Гекльберы Фінам, сынам усім вядомага ў горадзе п’яніцы. Усе мамы ў горадзе шчыра ненавідзелі Гекльберы і разам з тым баяліся яго, бо ён быў гультай, брыдкі, невыхаваны і не прызнаваў ніякіх законаў. Том, як і іншыя хлопчыкі з «прыстойных» дамоў, зайздросціў адрынутаму Гекльберы, які мог увесь дзень нічога не рабіць. Тому таксама было сурова забаронена гуляць з гэтым абадранцам, але акурат таму ён і карыстаўся кожным выпадкам, каб пагуляць з ім.

Гекльберы апранаўся ў неданоскі з плеч дарослых людзей; вопратка яго ва ўсе пары году квітнела рознакаляровымі плямамі і вісела лахманамі. Капялюш яго быў зусім разбураны: ад яго палёў звешваўся ўніз вялікі кавалак у выглядзе поўмесяца. Куртка на ім даходзіла яму да пят, і заднія гузікі размясціліся куды ніжэй спіны. Штаны трымаліся нямаведама як і спускаліся ззаду вялізным пустым мехам, а ў нізе валакліся па зямлі памялом. Гекльберы быў вольнай птушкай, бадзяўся, дзе хацеў, у добрае надвор’е начаваў дзе-небудзь ля чужога ганка, а ў дрэннае — у пустых бочках. Яго не прымушалі хадзіць у школу і ў царкву, яму не было каго слухацца, над ім не было гаспадара.

Ён мог вудзіць рыбу ці купацца, калі і дзе хацеў, і ся-