Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну і напалохаў-жа ж ты мяне! А цяпер досыць: кінь гэтыя глупствы і ўставай!

Стогны спыніліся, і палец адразу-ж перастаў балець. Хлопчык, крыху засаромлены, паясніў:

— Цёця Поллі, мне здавалася, што ён зусім здрантвеў. І ён так балеў, што я нават забыўся на зуб.

— Бач, якая справа! А што ў цябе з зубам?

— Адзін зуб хіcтаецца і страшэнна баліць, аж цярпець нельга.

— Ну, годзе, годзе, а то зноў пачнеш стагнаць. Адчыні рот! Так, зуб сапраўды хістаецца, але з гэтага не паміраюць. Мэры, прынясі мне шаўкавінку і галавешку з кухні!

— Цётачка, не трэба — ён ужо не баліць! Я не буду стагнаць, нават калі ён і зноў забаліць. Я і выгляду не падам. Калі ласка, цёця, не трэба! Я не хачу сядзець дома, я хачу ісці ў школу.

— А-а, дык вось яно што! Ты ўсю гэтую гісторыю выдумаў толькі для таго, каб не ісці ў школу, а замест таго ісці вудзіць рыбу? Ах, Том, Том, я так цябе люблю, а ты нібы наўмысля робіш мне розныя брыдоты, псуеш маё старое сэрца.

Тымчасам прынеслі прылады для зубадрання. Цёця Поллі зрабіла пятлю на канцы шаўкавінкі, надзела яе на хворы зуб і моцна сцягнула, а другі канец прывязала да ложка;