Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

спробу, яшчэ і яшчэ; відаць, гэта яму спадабалася; ён лёг на жывот, так што жук прышоўся яму між лап, і зноў пачаў рабіць свае спробы. Нарэшце гэта яму абрыдала, ён супакоіўся, забыўся на жука і нават пачаў драмаць; галава паступова апусцілася, і падбародак дакрануўся да ворага, які зараз-жа ўкусіў яго. Пудэль візгнуў, матнуў галавой, і жук адляцеў ад яго на два крокі і зноў паваліўся на спіну. Тыя, хто сядзеў бліжэй і бачыў усё гэта, — аж трэсліся ад стрыманага смеху; некаторыя схавалі свае твары за веярамі і насавымі хусткамі, і Том быў зусім шчаслівы.

У пудэля быў дурны выгляд — відаць, ён і сам адчуваў, што застаўся дурнем, але ў той-жа час яго сабачае сэрца карцела ад крыўды і жадання помсты. Таму ён падышоў да жука і асцярожна распачаў атаку: наскокваў на жука з усіх бакоў, ледзь не кранаючы ворага пярэднімі лапамі, ляскаў на яго зубамі і матаў галавой так, што пляскалі вушы. Але ўрэшце гэта яму зноў абрыдала; ён паспрабаваў-быў пагуляць з мухай, але гэта не здалося яму досыць цікавым; пасачыў за мурашкай, прыціскаючы нос да самай падлогі, але і тут хутка знудзіўся, пазяхнуў, уздыхнуў і — зусім забыўшыся на жука — усеўся на яго…