Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

крылкі і разгладжвала іх, нібы складкі фрака, каб яны ямчэй ахаплялі цела; і ўвесь свой туалет яна рабіла не спяшаючыся, спакойна і ўпэўнена, нібы ведала, што ёй нішто не пагражае, бо Том, хоць яму і свярбелі рукі цапнуць муху, — не адважыўся гэта зрабіць у часе малітвы. Але як толькі пастар дайшоў да апошніх заключных слоў, рука Тома сама выгнулася наперад; калі-ж пачулася «аман», — муха была ўжо злоўленая. Але цётка ўбачыла гэты манеўр і прымусіла Тома выпусціць муху.

Пастар скончыў малітвы і аднастайным гамзатым голасам пачаў пропаведзь, да таго нудную, што хутка многія ўжо дзюбалі носам, не гледзячы на тое, што прапаведнік пагражаў грэшнікам кіпучай серай і смалой, а лік абраных, якім прызначана вечнае шчасце, даводзіў да такой маленькай лічбы, што выходзіла: такую жменьку праведнікаў не варта было і ратаваць.

Пакуты Тома аднавіліся. Раптам ён успомніў, што ў яго ў кішэні ляжыць вялікі скарб, і паспяшаўся дастаць яго. Гэта быў вялікі чорны жук з моцнымі сківіцамі — жук «кусака», як называў яго Том. Жук быў схаваны ў каробачку ад пістонаў. Калі Том адчыніў каробачку, жук у першую чаргу ўкусіў яго за палец. Зразумела, хлопчык пстрычкай адкінуў яго прэч, а пакусаны палец засунуў у рот. Жук упаў на спіну і бездапаможна круціўся, спрабуючы перавярнуцца. Том глядзеў на яго і прагнуў атрымаць яго назад, але ён ляжаў далей, як можна было дастаць. Затое ён паслужыў забавай для многіх з тых, хто не паспеў зацікавіцца пропаведдзю і сачыў цяпер за намаганнямі жука стаць на лапкі.

Але вось у царкву выпадкова забраўся пудэль, журботны, стомлены летняй гарачынёй і цішынёй; знудзіўшыся сядзець дома, ён шукаў забаў і новых уражанняў. Калі ён убачыў жука, яго панура апушчаны хвост адразу падняўся і завіляў. Ён доўга вывучаў здабычу, хадзіў вакол яе, здалёк абнюхваў; потым асмеліўся, падышоў бліжэй; потым разявіў рот, хацеў схапіць жука — і не патрапіў; паўтарыў