Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адзенне шчоткай і, нарэшце, надзела яму на галаву саламяны капялюш.

Усё гэта вельмі ўпрыгожыла яго выгляд, але сам ён сароміўся і адчуваў сябе неяк няёмка: не прызвычаіўся ён бачыць сябе памытым і чыстым, — гэта перашкаджала яму. Ён спадзяваўся, што Мэры забудзецца на боты, але надзея гэта была дарэмная: Мэры вымазала іх, як водзіцца, жырам і прынесла яму, каб ён надзеў. Тут ён не сцярпеў і пачаў скардзіцца, што яго заўсёды прымушаюць рабіць тое, чаго ён не хоча рабіць. Але Мэры пераканаўча сказала:

— Ну, калі ласка, Том, — не будзь-жа дурны!

І ён, бармочучы, нацягнуў на ногі боты. Мэры таксама хутка ўбралася, і ўсе трое адправіліся ў нядзельную школу, якую Том ненавідзеў усім сэрцам, а Сід і Мэры любілі.

Заняткі ў школе адбываліся ад дзевяці да паловы адзінаццатай; потым пачыналася царкоўная служба. Мэры і Сід заўсёды добраахвотна заставаліся паслухаць пропаведзь пастара, а Том заставаўся супроць волі.

* * *

Каля паловы адзінаццатага зазваніў шчарбаты звон маленькай царквы, і зараз-жа пачаў збірацца народ да ранішняй пропаведзі. Вучні нядзельнай школы размясціліся па розных кутах царквы, сядаючы каля сваіх бацькоў, каб увесь час быць пад наглядам. Побач з цёцяй Поллі паселі Том, Сід і Мэры; пры гэтым Тома пасадзілі падалей ад расчыненага акна — ад спакуслівых летніх відаў і сцэнак.

Царква патроху напаўнялася. Прышоў паджылы бядняк-поштмэйстэр, які раней бачыў лепшыя дні: прышоў гарадскі галава са сваёй жонкай — у ліку іншых бескарысных рэчаў у гарадку быў і гарадскі галава — і міравы суддзя, і ўдава Дуглас, прыгожая, прыбраная жанчына гадоў пад сорак, добрая, шчодрая і лагодная. Яе дом на ўзгорку быў не дом, а палац, адзіны палац у гарадку; да таго-ж гэта быў гасцінны палац, дзе наладжваліся самыя раскошныя святкаванні. Прышоў адвакат Рыверсон, новы арыстакрат з вако-