Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўсхвалявала яго да глыбіні душы. Праўда, ножык быў «бяспечны» і ім нічога нельга было рэзаць, але Том усё-ж такі ўхітрыўся парэзаць ім буфет і падрыхтаваўся ўжо ўзяцца за пісьмовы стол — як яго паклікалі адзявацца, каб ісці ў нядзельную школу.

Мэры падала яму бляшаны тазік з вадой і кавалак мыла. Ён вышаў за дзверы і паставіў тазік на лавачку, потым абмакнуў мыла ў ваду і палажыў яго на месца; тады закасаў рукавы, асцярожна выліў ваду на зямлю, увайшоў у кухню і пачаў старанна церці сабе твар рушніком, што вісеў за дзвярыма. Але Мэры адабрала ад яго рушнік, кажучы:

— Як табе не сорамна, Том! Не трэба быць такім брыдкім. Нічога табе не станецца, калі ты памыешся.

Том быў крыху засаромлены. Тазік зноў напоўнілі вадой. На гэты раз Том спачатку пастаяў над ім, нібы збіраючыся з духам, а потым глыбока ўздыхнуў і пачаў мыцца. Калі ён другі раз увайшоў у кухню і са сплюшчанымі вачмі пачаў мацаць рукамі рушнік, то вада і мыльная пена на яго твары ўсім сведчылі, што на гэты раз ён быў добрасумленны. Але тым не менш, калі ён вынырнуў, з-пад рушніка, фізіяномія яго аказалася зусім нездавальняючай, бо чыстая мясціна, нібы маска, займала толькі частку твара — ад ілба да падбародка; вышэй і ніжэй ад гэтага ўчастку заставалася вялікая неабваднёная тэрыторыя, якая наверсе падымалася на лоб, а ўнізе цёмнай паласой ляжала вакол шыі.

Тады Мэры сама ўзялася за яго, і толькі пасля гэтага Том зрабіўся малайцом, з якім не сорамна паказацца на вуліцы: валасы яго былі прычэсаныя і змазаныя памадай, а кароценькія кудзеркі размешчаны прыгожа і сіметрычна. Сам-жа ён толькі старанна прыгладжваў свае валасы і пнуўся прыціснуць іх так, каб яны ляжалі на галаве зусім гладка: ён лічыў, што кучаравасць робіць яго падобным на дзяўчынку. Потым Мэры дастала яго святочны касцюм, які вось ужо два гады надзяваўся толькі па нядзелях. Калі ён адзеўся, кузіна «паправіла» яго, зашпіліла куртку на ўсе гузікі, адгарнула на плечы шырокі каўнер сарочкі, пачысціла