Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

казвалася, хоць Том і пацяшаў сябе надзеяй, што яна глядзіць аднекуль з акна і бачыць, як ён стараецца. Нарэшце, ён вымушаны быў пайсці дахаты, з галавой, напоўненай марамі і зданямі.

У часе вячэры ён быў у такім узбуджаным стане, што цётка толькі дзіву давалася — «што сталася з гэтым дзіцём?» На яго добра насварыліся за тое, што ён пакалашмаціў Сіда, але ён, як відаць, зусім не пакрыўдзіўся. Ён паспрабаваў-быў сцягнуць кавалак цукру з-пад носа ў цёткі і атрымаў за гэта па руках, але зноў-жа не пакрыўдзіўся і толькі сказаў:

— Цёця, чаму вы не б’еце Сіда, калі ён бярэ ў вас цукар?

— Сід не мучыць людзей так, як ты. Каб не я, ты не выпускаў-бы з цукерніцы лап.

Цётка выйшла ў кухню, і Сід, шчаслівы, што яму ўсё дазволена, зараз-жа пацягнуўся да цукерніцы, нібы здзекваючыся з Тома. Гэта было ўжо занадта! Але цукерніца выслізнула з пальцаў Сіда, упала на падлогу і разбілася. Том быў у такой радасці, у такім захапленні, што нават стрымаў сябе і прамаўчаў. Ён рашыў не гаварыць ні слова, нават калі ўвойдзе цётка, і сядзець ціха, пакуль яна не спытаецца, хто гэта зрабіў, і тады толькі сказаць. Ён загадзя радаваўся, што «любімчыку» здорава ўляціць. Старая вярнулася і, пляснуўшы рукамі, спынілася над разбітай цукерніцай, кідаючы маланкі гневу цераз верх акуляраў. Том казаў сам сабе: «Вось яно, пачынаецца»! І ў той-жа міг ён ужо ляжаў расцягнуўшыся на падлозе. Карная рука замахнулася ўжо другі раз, але Том з плачам крыкнуў:

— Стойце! Стойце! Завошта вы б’еце мяне? Гэта-ж Сід разбіў цукерніцу!

Рука цёці Поллі замерла ў паветры. Том чакаў ад цёткі жалю і раскаяння, але яна стрымалася і толькі сказала:

— Гм! Ну, усё-такі я лічу, што табе дасталося не дарма. Ты, пэўна, таксама дурэў, пакуль мяне не было тут.

Сумленне папракала яе, ёй вельмі хацелася сказаць хлопчыку некалькі ласкавых слоў, прылашчыць яго. Том