Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

штукі, як гэта ўласціва хлопчыкам, калі яны хочуць спадабацца. Так ён стараўся некалькі часу. Потым у час аднаго галаваломнага гімнастычнага практыкавання ён зірнуў у бок і ўбачыў, што дзяўчынка завярнулася і ідзе к дому.

Том апусціў нос і падышоў да плота; ён спадзяваўся, што дзяўчынка яшчэ трошкі пабудзе ў садзе. Яна сапраўды крыху затрымалася на ганку, але потым накіравался да дзвярэй. Том цяжка ўздыхнуў, калі яна паставіла ножку на парог, але раптам твар яго асвятліўся радасцю: раней як схавацца за дзвярыма, дзяўчынка азірнулася і кінула праз плот кветку. Хлопчык падбег, спыніўся за два крокі ад кветкі, прыставіў далонь да вачэй і пачаў пільна прыглядацца ўздоўж вуліцы, нібы там з’явілася нешта асабліва цікавае. Потым падняў саломінку, паставіў яе сабе на нос, і, задраўшы галаву, пачаў хістацца з боку ў бок, каб утрымаць саломінку ў роўнавазе. Такім спосабам ён патрошкі ўсё больш і больш набліжаўся да кветкі; нарэшце наступіў на яе босай нагой, ухапіў яе сваімі гібкімі пальцамі, паскакаў на адной назе, уносячы свой скарб, і хутка схаваўся за домам. Але ненадоўга — роўна настолькі, колькі патрэбна для таго, каб расшпіліць куртку і схаваць кветку на грудзях, бліжэй да сэрца, а можа і да страўніка, бо Том быў не надта моцны ў анатоміі.

Потым ён вярнуўся назад і да самага вечара вісеў на плоце, вырабляючы ўсялякія штукі. Але дзяўчынка не па-