Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

работы яблык здаецца саладзейшым. Том тым часам паспеў сцягнуць пранік.

Ён выбег на двор і ўбачыў Сіда, які падымаўся па сходах, што ішлі знадворку і вялі ў заднія пакоі верхняга паверху. У адзін момант паветра напоўнілася гукамі звонкіх пляскачоў, якія градам пасыпаліся на Сіда. Раней як цёця Поллі паспела на дапамогу, шэсць-сем удараў ужо трапілі ўцэль, а Том пераскочыў цераз плот і знік. Была на дварэ і фортка, але звычайна Тому не было калі дабегчы да яе. Цяпер, калі ён разлічваўся з Сідам за тое, што той выдаў яго, паказаўшы цётцы Поллі на чорныя ніткі, — яго сэрца ахапіў салодкі спакой.

Том прайшоў прыгуменнямі і завярнуўся на гразкую дарогу, якая вывела яго за кароўі хлявы. Тут ён ужо мог не баяцца, што яго зловяць і пакараюць; ён быў у поўнай бяспецы. Таму ён адразу пайшоў на вясковую базарную плошчу, дзе, па дагаворанасці, ужо сышліся для бойкі два «ваенных» атрады хлопчыкаў.

Адной з гэтых армій камандаваў Том, другой — яго неразлучны прыяцель, Джо Гарпер. Абодва вялікія палкаводцы не маглі біцца асабіста, — гэта павінны былі рабіць простыя салдаты, — яны кіравалі бойкай, седзячы побач на ўзгорку і даючы загады праз сваіх ад’ютантаў. Пасля доўгай і цяжкай бойкі армія Тома перамагла. Затым абодва войскі падлічылі забітых, памяняліся палоннымі, дагаварыліся аб умовах і тэрміне наступнай рашаючай бойкі. Потым яны выстраіліся ў шарэнгі і цараманіяльным маршам пайшлі адгэтуль. Том накіраваўся дадому адзін.

Ідучы каля дома, дзе жыў Джэф Тэчэр, ён убачыў у садзе незнаёмую дзяўчынку — прыгожае стварэнне з блакітнымі вачыма, жоўтымі валасамі, заплеценымі ў дзве даўгія касы, у белай летней сукенцы і вышытых панталончыках.

Ён цішком любаваўся гэтым новым ангелам, пакуль не заўважыў, што і «ангел» таксама ўбачыў яго. Тады ён зрабіў выгляд, нібы зусім не бачыць дзяўчынкі, і пачаў выяўляць сваю спрытнасць, вытвараючы ўсялякія недарэчныя