Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

а заставаліся бяліць. У той час, калі Бэн зусім змарыўся, Том ужо прадаў другую чаргу Біллі Фішару за папяровага змея; а калі і Фішар стаміўся, яго замяніў Джоні Мілер, заплаціўшы за гэта здохлым пацуком і вяроўкай, — каб прывязаць гэтага пацука за хвост і размахваць; і гэтак далей, і гэтак далей, увесь час.

А палове дня Том з няшчаснага бедняка, якім ён быў раніцой, ператварыўся ў багатыра. Апрача вышэй пералічаных багаццяў, у яго набралася: дванаццаць мармуровых шарыкаў, свісцёлка, чарапок сіняга шкла ад бутэлькі, драўляная пушка, адмычка, кавалак крэйды, шкляная затычка ад графіна, алавяны салдацік, пара палонікаў, шэсць бразгалак, аднаглазае кацянё, медная ручка ад дзвярэй, сабачы ашыйнік (толькі сабакі не было), ручка нажа, чатыры апельсінавых коркі і старая паламаная рамка ад акна з-пад страхі. Ён надта прыемна правёў час, нічога не робячы, у вялікай кампаніі, а на плоце засталіся нават тры пласты вапны! Каб у яго хапіла вапны, ён абабраў-бы ўсіх хлопчыкаў у горадзе.

Раздзел ІІІ

Том з’явіўся перад цёткай Поллі, якая сядзела каля расчыненага акна.

— Цёця, можна мне ісці гуляць?

— Як! Ужо? Колькі-ж ты зрабіў?

— Усё зроблена, цёця.