Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Падабаецца? А чаму-ж і не спадабацца? Ці-ж хлопчыкам кожны дзень даводзіцца бяліць плот?

Справа набывала новы сэнс. Бэн кінуў грызці яблык. Том мякка вадзіў пэнзлем узад і ўперад, адыходзіў назад, каб пацешыцца сваім мастацтвам, сям-там падмазваў і зноў крытычна аглядаў зробленае, а Бэн сачыў за кожным яго рухам, усё больш цікавячыся і захапляючыся. Нарэшце ён папрасіў:

— Слухай, Том, дай мне памазаць крыху!

Том падумаў і зрабіў выгляд, нібы гатоў згадзіцца, але потым парашыў іначай.

— Не, не, Бэн, нельга! Бачыш, цёця Поллі надта вымагальная, плот-жа выходзіць на вуліцу. Каб яно на двор, тады іншая рэч, а тут яна вельмі строгая, — трэба бяліць вельмі старанна. Я так думаю, што з тысячы, нават, магчыма, з двух тысяч хлопчыкаў не знойдзецца ніводнага, які здолеў-бы пабяліць яго як след.

— Ды няўжо-ж? Ну! Дай мне толькі паспрабаваць, крышачку толькі. Каб я быў на тваім месцы, я-б цябе пусціў. А, Том?

— Бэн, я рады быў-бы цябе пусціць, ды цёця Поллі… Вось Джым таксама хацеў, але яна не дазволіла. Прасіўся і Сід — яна і яго не пусціла. Цяпер ты разумееш, як мне цяжка даверыць гэтую работу табе… Калі ты пачнеш бяліць, ды што-небудзь выйдзе не так…

— Не, не! Я буду асцярожна. Ну, дай паспрабаваць! Слухай: я дам табе за гэта кавалак яблыка.

— Добра, давай! Але… не, Бэн, лепш не трэба — баюся я…

— Я табе ўсё аддам!

Том падаў яму пэнзаль нібы з неахвотай, але з вялікай радасцю ў душы. І пакуль былы параход «Вялікая Місуры» працаваў і пацеў на сонцы, мастак сядзеў на бочцы ў цяньку, боўтаў нагамі, еў яблык і рыхтаваў пастку для новых нявінных ахвяр.

А недастачы ў ахвярах не было: хлопчыкі адзін за адным падыходзілі да плота; яны падыходзілі, каб пасмяяцца,