Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

220. хоць найшчырэй сабе будзе прасіць Апалон далястрэльны
і расцягнуўшыся перад Зявесам эгідадзяржаўным.
Ты затрымайся, крыху адпачні, a я Гектара-воя
пераканаю тым часам, каб спробаваў біцца з табою».
Гэтак сказала; a ён яе слухаў, і радасны вельмі
225. стаў, абапёрся на ясень свой меднаканечны.
Так і пакінула і паляцела да Гектара жыва,
ў постаці й з голасам брата яго Дэіфоба;
блізенька стала дый кажа такія крылатыя словы:
«Міленькі, страшна прыстаў да цябе Ахілес быстраногі,
230. гонячы так без канца каля слаўнага места Прыяма.
Але давай атрымаем і разам яму процістанем».
Ёй адказаў тады Гектар вялізны, з хвастатым шаломам:
«Ты мне і перш, Дэіфобе, мілейшы быў шмат за ўсіх іншых
родных братоў, што радзілі наш бацька Прыям і Гекуба,
235. але цяпер яшчэ больш паважаць і любіць цябе буду,
што ты адважыўся дзеля мяне, як бяду толькі ўгледзеў,
выйсці з-за сцен ды тады, калі ўсе паспяшылі схавацца».
І адказала яму светлавока багіня Афіна:
«Міленькі, бацька старэнькі і маці шаноўная наша,
240. ногі абняўшы, прасілі застацца. Таксама й дружына
нашая ўся, бо у страсе страшэнным усе там у месце,
але я грызся у сэрцы сваім па табе немагчыма.
Ну, дык цяперака кінемся разам у бой мы, як — бура,
і шкадаваць сваіх пікаў не будзем: урэшце пабачым,
245. ці Ахілес нас заб’е, ці яго твая дужая піка».
Гэтак лісліва казала Афіна й вяла да Ахіла.
A калі блізка былі ўжо адзін да другога героі,
першы прамовіў з іх Гектар вялізны, з хвастатым шаломам:
250. «Ну, Ахілесе, ўцякаці больш ад цябе я не буду,
хоць тры разы абляцеў я наўкола Прыямава места
й процістаяць не паспеў. A цяпер наказала мне сэрца
стаць і схапіцца з табой: вазьму верх або сам ужо згіну.
Ўмовімся й возьмем багоў мы у сведкі — багі бо шчасліўцы
255. сведкі на ўсё найляпейшыя й добра прысягу пільнуюць:
цела твайго я не буду бясчэсціць, як дасць мне
Зеўс перамогу й дазволіць душу табе мілую вырваць;
толькі злуплю я з цябе, Ахілесе, харошую зброю,
труп жа ахейцам аддам; гэтаксама і ты — пакляніся!»
260. Грозна зірнуў на яго Ахілес спадылба ды і кажа:
«Не гарадзі ты мне, Гектар пракляты, аб нейкіх умовах!
Як між людзьмі і ільвамі клятвы не бывае ніколі,