Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І адказала яму светлавока багіня Афіна:
«Што гэта кажаш, пяруністы бацька, Зявес Хмарагонны!
Ты чалавека смяротнага, што ўжо прысуджаны к смерці,
180. выбавіць хочаш ад смерці няшчаснай, людзям жа звычайнай?
Хочаш — рабі, але іншыя ўсе мы згадзіцца не можам!»
Ёй адказаў тады гэтак Зявес Хмарагонны:
«Ну, супакойся, дачушка мая, Трыгагенія! Ў думах
злосці не маю й хачу табе быць і ласкавым і мілым:
185. што табе розум дыктуе, рабі, калі хочаш, адразу».
Гэтак ахвоты паддаў без таго ўжо ахвотнай Афіне
й мігам яна паляцела з Алімпа высокага гораў.
Гектара ж гнаў, што мага, Ахілес быстраногі.
Як маладога аленя па горах высокіх сабака
190. гоніць, падняўшы з лагва цераз яры-яругі й даліны;
хоць і схаваецца бедны ў кустах ашалелы са страху,
чутка сабака сачыць і ляціць, аж пакуль не дагоніць,—
гэтак і Гектар схавацца не мог ад Пелеева сына.
Колькі разоў ён не пробаваў скочыць ад брамаў дарданскіх,
195. скочыць пад вежы муроў, будаваныя хораша й моцна,
пошыбам каб баранілі яго грамадзяне са сценаў,
колькі разоў Ахілес, папярэдзіўшы, зноў заварочваў
бегчы у поле, a сам безупынна трымаўся бад сценаў.
Так як у сне чалавек чалавека не можа здагнаці —
200. той надармо уцячы, a другі надагнаць налягае —
гэтак і тут: ані той не ўцячэ, ані той не дагоніць.
Ведама, Гектар ад смерці зусім уцякаці бне мог бы,
каб не памогшы, апошні ўжо раз, Апалон далястрэльны,
зблізу яму паддаваўшы і сілы і жвавасці ў ногі.
205. Боскі Ахіл да народу свайго паматаў галавою,
не дазваляючы ў Гектара горкія стрэлы пускаці:
славы каб хто не забраўшы, a ён каб другім не явіўся.
Але ў чацвёрты ўжо раз, як да гэтых крыніц прыляцелі,
бацька Зявес рыхтаваў тады, ўзяўшы, вагу залатую:
210. перш узлажыў ён два лёсы пагібельнай смертухны-керы
лёс Ахілеса-героя і Гектара, слаўнага воя,
после падняў пасярэдзіне: Гектара лёс апусціўся,
ўніз да Аіда панікнуў, тады й Апалон яго кінуў.
Да Ахілеса ж затым падышла светлавока Афіна,
215. блізенька стала й казала такія крылатыя словы:
«Ну, спадзяюся, цяперака, боскі бліскучы Ахіле,
славу вялікую мы прынясём да ахейскіх да лайбаў:
здужаем Гектара, што у бітве быў такі ненасытны.
Але цяпер не ўцячэ, пападзецца у нашыя рукі,