Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

135. ці ад палкога агню, ці як быццам ад сонца усходу.
Гектара страх ахапіў, як убачыў: не ўстояў на месцы,
але давай уцякаць, за сабою пакінуўшы браму.
A Ахілес паляцеў уздагонку, з надзеяй на жвавыя ногі.
Там як у горах сакол, найшпарчэйшая з пёрыстых птушак,
140. лёгка і жвава пускаецца за галубком палахлівым,—
той уцякае у страсе, a гэты ўжо блізка над ім налятае,
з крыкам прарэзлівым часта кідаецца, хоча забіці,—
так і Ахіл уганяўся за Гектарам шпарка, a гэны
каля траянскіх муроў уцякаў з усіх ног, што меў сілы.
145. Міма таго кургана і смакоўніцы, ў ветры ьшумлівай,
воддаль усё ад муроў, па дарозе яжджонай ляцелі
аж да крыніц ды прыгожа бруістых, адкуль ручаінкі
дзве выцякаюць і йдуць у Скамандар глыбока вірысты.
Цёплай вадою бруіцца адна, і кругом безупынна
150. пара ідзе ад яе, быццам з вогнішча дым узнікае;
ну, a другая і летам студзёна, як град той зярністы,
ці усё роўна як снег, ці крысталы вады ільдзяныя.
Тамака сажалкі дзве бліз крыніцаў абедзве з камення,
дужа харошыя, хусце куды паласкаць прынасілі
155. жонкі і дочкі траянцаў, прыгожыя вельмі,—
тут паласкалі яны да вайны, да прыходу ахейцаў.
Вось жа сюдой праляцелі: адзін науцёкі, другі уздагонку.
Сільны і жвавы ўцякаў, здаганяў жа яго йшчэ сільнейшы
ды з усіх сіл. A заспорылі не за валоў на жаротву,
160. і не за скуру, звычайную плату людзям-шпаркалётам,
але ляцелі за Гектара воя душу, за любую.
Як на ігрышчах капытныя коні лятуць каля мэты
шпарка страшэнна, ляжыць бо вялікая дужа награда
дзеўчына альбо трыножнік (ігрышча ж у гонар памершым) —
165. тройчы вось так і яны абляцелі Прыямавы горад
ды з усіх сіл сваіх ног. На герояў багі ўсе глядзелі.
Бацька багоў і людзей тады першы ўзяў слова і кажа:
«Ну далібог! гэта ж бачу ўцякаючы мілага воя
каля траянскіх муроў. A шкада мне у сэрцы героя
170. Гектара, шмат бо паліў мне ён тучных быкоў і лапатак,
ці на узвышшы узгорыстай Іды ці часта таксама
ў горадзе дужа высокім. Цяпер жа Ахіл быстраногі
гоніць яго як мага каля места старога Прыяма.
Ну, памазгуйце вы добра, багі, й справядліва наважце,
ці ратаваці ад смерці нам Гектара, ці ўжо, можа,
сыну Пелея, Ахілу, пазволім уходзіць героя».