Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

95. ўецца ў логаве толькі й страшэнна ў бакі паглядае,—
гэтак і Гектар у злосці нястрымнай трымаўся на месцы:
шчыт абапёршы бліскучы аб выступ высокае вежы,
і, уздыхнуўшы, прамовіў сабе да душы да адважнай:
«Гора ж маё! каб схавацца цяпер мне за браму, за сцены,
100. першы тады Пулідам мяне лаяць і ганіць пачаў бы,
бо і казаў жа ён мне, каб траянцаў у горад увесці
ў тую праклятую ноч, як Ахіл ваяваці узняўся;
я не паслухаў тады, a было бы усім куды лепей.
Ну, a цяпер я шаленствам дурным загубіў увесь горад,
105. сорамна мне ад траянцаў і доўгападолых траянак,
каб не сказаў аба мне і найгоршы які грамадзянін:
«Гектар народ загубіў, на сваю спадзяваўшыся сілу!»
Гэтак і скажуць. Дык мне куды лепей паспрабаваць будзе
процістаяць і, Ахіла забіўшы, дахаты вярнуцца.
110. A калі не, то самому хоць слаўна памерці за горад,—
a калі б я, адлажыўшы свой шчыт з выпуклястаю бляхай
ўбок і цяжкі свой шалом, да сцяны прысланіўшы і піку,
сам падышоў да Ахіла Пелеіча, боскага воя,
і абяцаў бы яму і Алену і ўсе тыя скарбы,
115. дужа вялікія, што Аляксандра у лайбах глыбокіх
разам у Трою прывёз (вось праклятае звады пачатак!),
выдаць усё для Атрыдаў, a после для ўсіх для ахейцаў
тое ўсё выдаць багацце, што знойдзецца толькі у Троі?
Перадусім жа я ўзяў бы прысягу ад нашых старшыняў,
120. каб не хавалі нічога і ўсё аддалі для падзелу,
ўсе тыя скарбы, што горад багаты ў сабе заключае.
Ну, але што гэта выдумаў я у душы сваёй мілай?
Не, не пайду да Ахіла, бо літасці мець ён не будзе
і не ўшануе мяне, a заб’е яшчэ голым, без зброі,
125. проста як нейкую бабу, калі сваю зброю пакіну.
Не да таго мне цяпер, каб пад дубам ці нейкай скалою
весці з ім гутаркі, так, як дзяўчына з хлапцом прыудалым
гутаркі весела, міла і ціха вядуць між сабою.
Лепей мы зойдземся тутака ў бой і адразу пабачым,
130. славу каму з нас дваіх Алімпіец-Зявес падаруе».
Стоячы, так разважаў, a Ахіл падлятаў ужо блізка,
грозны, як сам Эніялій з шаломам бліскучым у бітвах;
бацькаўскі ясень на правым плячы патрасаў ён страшэнна,
й медзь зіхацела наўкола, як яркая-яркая яснасць,