Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

10. Ты і забыўся цяперака ўжо аб траянцах прагнаных,
што пахаваліся ў горад, a толькі за мною лятаеш;
але ж мяне не заб’еш ты, таму што я бог несмяротны».
І адказаў яму, цяжка ўздыхнуўшы, Ахіл быстраногі:
15. «Ну й ашукаў ты мяне, далястрэльны, з багоў найшкаднейшы:
вывеў аж во дзе у поле ад сцен, бо каб не, то йшчэ шмат хто
грыз бы зубамі зямельку хутчэй, чымся ў горад уцёк бы!
Славу вялікую ты ад мяне адабраў, a траянцаў
уратаваў, без ніякай баязні пасля расплаціцца.
20. Ну, і задаў бы за гэта табе, каб мне сілы хапіла!»
Гэтак казаў ён і горда панёсся пад гораду сцены,
бодры, казаў бы наўзавадны конь, што у гонных калёсах
лёгка да мэты ляціць, расцягнуўшыся ў лёце струною:
так і Ахіл паварачываў жвава каленкі і ногі.
25. Першы Прыям яго згледзеў сваімі вачмі, хоць старымі,
як ён па полі ляцеў, весь бліскучы, усё роўна як зорка
тая, што ў восені ўсходзіць і ярыцца блескам вялізным
высака з неба між зоркамі многімі ў цёмную ночку —
Псом Арыёна яе называюць з прадвечнага веку,
30. a хоць яна найярчэйшая, знакам нядобрым бывае,
многа варожыць няшчасця бо марнаму роду людскому —
так Ахіла ляцеўшага медзь на грудзях зіхацела.
Ўскрыкнуў старэнькі Прыям, ухапіўся рукамі за голаў,
35. к небу далоні падняў і, галосячы, дай жа прасіці
Гектара, мілага сына. A той, перад брамаю стаўшы,
з месца не рухаўся: так зажадалася біцца з Ахілам.
Выцягнуў рукі стары і прамовіў такімі славамі:
«Мілы мой, родны мой Гектар, пакінь, не чакай ты Ахіла
ў полі адзін без другіх, каб цябе не спаткала пагібель
40. з рук Ахілеса, бо ён за цябе шмат сільнейшы, страшэнны.
Ах каб багом неўміручым, як мне вось, ён гэтак і быў бы
мілы, то скора яго груганы і сабакі бы з’елі і
спала б мне з сэрца цяжкая бяда і згрызота:
колькі сыноў маладых і магутных ён мне абязвечыў,
45. пазабіваўшы ці на астравы запрадаўшы далёка.
Вось і цяпер Лікаона няма, ды няма й Палідора,
іх я не бачу вярнуўшыхся паміж траянцамі ўсімі,
мілых сыноў, што радзіла жанчына з жанчын Лаафея.
Але калі яны ў стане жывыя, то выкупіць зможам,
50. даўшы і медзі і золата, многа бо гэтага маем,
многа пасагу мне даў за дачкой стары Альт знамяніты;