Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

5. розным ён кінуў дзярлівым (усе дзеля Зеўсавай волі)
з тое пары, як у звадзе з сабой разышліся ў злосці
.войска Атрыд валадар з Ахілесам, да бога падобным.
Хто ж гэта ды і з багоў так давёў іх да звады гняўлівай?
.Сын то Латоны і Зеўса,— бо з гневу ён злога да князя
10. пошасць благую паслаў там у стан, на пагібель народаў
дзеля таго, што Атрыд абясчэсціў жраца Апалона
Хрыза, калі той прыбыў з караблём быстраходным ахейскім,
выкупіць каб дачку, везучы там нязлічаны выкуп —
стужку ён меў у руках дальнястрэльнага лучніка Феба
15. на вярху булавы залатой і прасіў ён ахеян,
асабліва Атрыдаў дваіх, атаманам народам:
«О вы Атрыды й Ахейцы ўсе, пышналожныя мужы!
Хай жа вам богі дадуць на Алімпе прыбыцце, што маюць
горад Прыяма здабыць і вярнуцца шчасліва дахаты!
20. Мілую ж толькі дачку вы аддайце і выкуп прыміце,
Зевуса сына ўважаючы так, дальнястрэльнага бога».
Вось тут другія усе дый на тое згаджалісь ахейцы
чэсць аказаць каб жрацу і падаркі прыгожыя ўзяці;
толькі у сэрцы таго Агамемнан Атрыд не ўзлюбіўшы
25. Хрыза нягодна прагнаў ды йшчэ рэкнуў тут грознае слова:
«Ой ты стары! Сцеражыся мяне, каб не стрэнуць дзе блізка
пры караблёх тут глыбокіх застаўшысь ці зноў тут прышоўшы:
не абароніць тады булава, ні вянок цябе божы!
Дзеўчыны ж я не аддам, a перш старасць яе там надыдзе
30. воддаль ад хаты бацькоў у Аргосе, у нашым то доме,
кросны ткучы, a таксама са мной раздзяляючы ложа.
Ну дык ідзі, не дражні ты мяне, каб вярнуцца мог цэлы!»
Так ён казаў; і збаяўся стары і паслухаў то слова;
моўчкі уздоўж берагоў ён пайшоў вельмі шумнага мора.
35. Многа маліўся пасля той стары, адышоўшыся воддаль
валадару Апалону, касістай Латоны сынам што:
«Выслухай сёння мяне, о срэбналукі, што Хрызу бароніш,
Кіллу святую і над Тэнэдосам магутна пануеш,
божа смінтэйскі! Калі я сапраўды табе дзе святыню
40. мілую узбудаваў, ці не паліў табе тоўсты лапаткі
коз і быкоў, то малю цябе — споўні маё пажаданне: