Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Звязваючай ніццю, на якую нанізаны 24 песні «Іліяды», з’яўляецца тэма аб гневе Ахіла, аб чым і гаворыцца ў першых радках першай песні пры звароце песняра да музы:

«Муза, спявай мне пра гнеў Ахілеса, Пелеева сына, гібельны гнеў, прычыніўшы ахейцам бязмернае гора, многа бо душаў адважных герояў паслаў да Аіда, самых жа іх пакідаў на здабычу сабакам і птушкам розным дзярлівым — a ўсенька па божай Зявесавай волі — з часу таго, як з сабой разышліся ў злосці заўзятай боскі Ахіл і дружын валадар Агамемнан Атрэіч».

Злосць між імі ўзнялася з таго, што Агамемнан, галоўны начальнік ахейскага (грэцкага) войска, адабраў ад Ахіла яго палонніцу, прыгожую Брызэіду. Быстраногі Ахіл (Ахілес), сын грэцкага князька Пелея і марской багіні Фетыды, галоўны ваяка ў ахейскім ваенным стане пад Трояй, у страшэннай злосці і гневе на начальнага князя адказаўся біцца з траянцамі і разам з другам Патроклам і ўсёю сваёй баёвай дружынай бясчынна праводзіць час пры беразе многашумлівага мора. Карыстаючы з гэтага, траянцы пад камандай свайго героя Гектара, сына Прыяма, б’юць і адганяюць ахейцаў да самага мора, да іхніх выцягнутых на бераг караблёў (лайбаў). Пала цэлая маса адважных герояў. Грэкам пагражае аканчальная катастрофа. Ужо загарэліся караблі. A гнеўны Ахіл не паддаецца просьбам, ні за якія дары, перапросіны ці абяцанкі не згаджаецца ісці ў бой, і толькі ў апошні крытычны момант пасылае ў сваёй зброі — «мілага друга» Патрокла на помач ахейцам.

Ап’янелы баявой удачаю Гектар забівае Ахілава друга і здзірае Ахілесаву зброю: ледзь удаецца ахейцам адабраць яго цела. Тады Ахіл, страціўшы друга, і зброю, кідаецца ў страшным дзікім ляманце між жалем, адчаем і палкім жаданнем бязжаласнай помсты. Па просьбе Фетыды Гефест яму выкаваў новую зброю цудоўнай работы (апісанне шчыта Ахілеса ў XVIII песні — гэта цэлая паэма!).

Пачынаецца страшэнная бойка, у якой прымаюць удзел і багі, падзяліўшыся на два варожыя лагеры. Ахіл, як бура, сее кругом страшэннае спусташэнне. Траянцы змушаны ўцякаць і хаваюцца ўсе за гарадскія сцены (канец XXI песні). Толькі Гектар, застаўшыся перад брамаю, стаў і стаяў «зблутаны доляю,— мойрай», жадаючы біцца з Ахілам. Але Ахіл не адразу ўгледзеў Гектара і дарма ганяўся за Феб-Апалонам, богам сонца, прыняўшы від траянскага героя Агенора. Калі Агенор паспеў ужо ўцячы ў горад, Апалон адкрывае сваё боскае аблічча, жартуючы з Ахілесам. Далей ідзе паядынак Ахілеса з Гектарам, смерць апошняга і галашэнне Прыяма, Гекубы і Андрамахі (XXII песня).

«ІЛІЯДА» ГАМЕРА

ПЕСНЯ І

1. Гнеў, о багіня, пяі Ахілеса Пелейвага сына
згубны, што бед прычыніў ён ахейцам вялікіх нямала,
волатаў, храбрых душ у Аідава царства нізрынуў
многа, a саміх жа іх на здабычу сабакам і птушкам