Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сучасныя «робаты» спраўляюцца спрытней за цудоўныя аўтаматы самога Гефеста, бога-будаўнічага і мастака-рамесніка.

Паміж намі настолькі вялікая гістарычная дыстанцыя, што сам эпас у яго класічнай форме не можа быць створан цяпер, калі ў нас выключана ўсякая міфалагізацыя прыроды і грамадства. У часы самалётаў і танкаў, кулямётаў і ядавітых газаў немагчымы Ахілесы і Гектары.

«Але,— кажа Маркс («Да крытыкі палітычнай эканоміі»), — труднасць заключаецца не ў тым, каб зразумець, што грэцкае мастацтва і эпас звязаны з вядомымі грамадскімі формамі развіцця. Труднасць заключаецца ў разуменні таго, што яны яшчэ прадаўжаюць дастаўляць нам мастацкае здавальненне і ў пэўным сэнсе захоўваць значэнне нормы і недасягаемага ўзору.

Мужчына не можа зрабіцца зноў дзіцем, не становячыся смешным. Але хіба яго не радуе наіўнасць дзіцяці і хіба сам ён не павінен імкнуцца да таго, каб на вышэйшай ступені ўзнаўляць сваю ісцінную сутнасць, і хіба ў дзіцячай натуры ў кожную эпоху не ажывае яе ўласны характар у яго простай («безискусственной») праўдзе? І чаму дзяцінства людскога грамадства там, дзе яно развілося найпрыгажэй, не павінна мець для нас вечнага хараства, як ніколі не паўтараючаяся ступень? Бываюць нявыхаваныя дзеці і па-старыкоўскаму разумныя дзеці. Многія са старадаўніх народаў належаць да гэтай катэгорыі. Грэкі былі нармальнымі дзецьмі. Чароўнасць, якую мае для нас іх мастацтва, не стаіць у супярэчнасці з тым неразвітым грамадскім асяроддзем, з якога яно вырасла. Наадварот, яно з’яўляецца яго рэзультатам і неразрыўна звязана з тым, што недаспелыя грамадскія адносіны, сярод якіх яно ўзнікла і толькі магло ўзнікнуць, ніколі не могуць паўтарыцца зноў».

І сапраўды, што ў дарослага можа з’яўляцца банальным і нават дурным, у дзіцяці можа быць выяўленнем геніяльнага пробліску мыслі. Таму гамераўскія эпітэты і поўнаю жменяю параскіданыя параўнанні так асабліва чаруюць нас сваёй свежасцю, дзіцячай прастатой і непасрэднасцю. Нам заўсёды здаецца, што так было сказана першы раз у жыцці чалавецтва. Ствараецца ўражанне, што мы знаходзімся пры нараджэнні паэзіі і вобразнага слова. Сама перспектыва такой гістарычнай далечыні не можа не прыцягваць нас.

Але нягледзячы на ўсю сваю далячынь і сваю варварскую прымітыўнасць гамераўскі эпас, асабліва «Іліяда», знаходзіць жывы рэзананс і ў сучаснага чытача. Не раз захапляліся Маркс і Энгельс «жыццярадаснымі, моцнымі, цэльнымі вобразамі Гамера», вобразамі герояў і многашумлівага мора, захапляліся ягонаю моваю. Трэба адзначыць, што і Маркс і Энгельс былі вялікімі знатакамі класічнай літаратуры. Не такім яе знатаком быў Леў Талстой, але ў росквіт сваіх творчых сіл, узяўшыся раз за «Іліяду», не можа ад яе адарвацца. Дзеля Гамера Талстой вывучае грэцкую мову.

Гамер, падобна Шэкспіру,— паэт барацьбы вялізных страсцей. Людскія афекты і страсці, хоць і не з’яўляюцца вечнымі, a змяняюцца ў залежнасці ад сацыяльных абставін, маюць здольнасць будзіць эмацыянальнае пачуццё нават з далечыні трох тысяч гадоў. Гамераўскія багі даўно зрабіліся камічнымі фігурамі. Хоць Гамеру і не думалася зрабіць іх смешнымі, але гнеў Ахілеса, ягоны адчай і палкае жаданне помсты за забітага друга Патрокла, але гора Прыяма, Гекубы і Андрамахі па забітым Гектары не перастаюць гаварыць да нашага пачуцця, хоць мы сваё гора пераносім іначай і праяўляем яго ў іншых формах.