Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«ІЛІЯДА» ГАМЕРА

Сем грэцкіх гарадоў вялі паміж сабой заўзятыя спрэчкі за гонар лічыцца бацькаўшчынай Гамера. Яму, як герою, грэкі пасвячалі храмы і алтары. Песні яго леглі за аснову грэцкага мастацтва, навукі і грэцкай тэалогіі. Рым успрыняў Гамера як свайго паэта, і тут ён аказаў рашаючы ўплыў на элінізацыю рымскай літаратуры. «Энеіда» Вергілія — гэта імітацыя Гамера, хоць сярэднія вякі прызналі яе ідэалам эпічнай паэзіі. І толькі гуманісты XVI стаг., а затым Лесінг, Гердэр, Гётэ, Шылер і многа іншых крытыкаў правільна ацанілі гамераўскія творы, як непаўтарымы правобраз эпасу.

Гістарычна-літаратурная крытыка XVIII і XIX стст. вяла сапраўдныя «гамераўскія баі» каля пытання аб гістарычнасці асобы самога Гамера і аб тым шляху, якім злажыўся гамераўскі эпас. Крайні рэвізіянізм у гэтым пытанні дайшоў да поўнага запярэчання існавання Гамера, прызнаючы ўвесь гамераўскі эпас народнай творчасцю. Але гістарычную сапраўднасць асобы Гамера не пераставалі бараніць некаторыя вучоныя і асабліва паэты: Гётэ, Шылер і другія.

Самае нават павярхоўнае знаёмства з гамераўскім эпасам змушае прызнаць, што «Іліяда» і «Адысея» з’яўляюцца пладом мастацкай творчасці. Крыху глыбейшы аналіз паказвае, што гэту творчасць нельга прыпісаць адной асобе. Так, напрыклад, ясна, што «Адысея» адносіцца да шмат пазнейшага часу, як «Іліяда». Але і сама «Іліяда» не з’яўляецца прадуктам творчасці выключна аднаго чалавека: гэта аб’яднанне цэлага цыкла самастойных твораў высокакваліфікаваных у паэтычным мастацтве песняроў-аэдаў. Можна дапусціць, што найвыдатнейшым з іх, найболей слаўным і быў Гамер.

Аднак жа «Іліяду» і «Адысею» можна лічыць у некаторым значэнні і народнай творчасцю і не толькі таму, што на працягу доўгага часу яны складаліся ў вялікай грамадзе, карпарацыі іянійскіх песняроў, але і таму, што паэтычным матэрыялам для іх паслужыла грэцкая міфалогія, у якой народная фантазія дала прыродзе і грамадскім формам свядомую мастацкую апрацоўку.

Гамераўскі эпас дае нам карціну яшчэ даволі слаба расслоенага грамадства, калі паасобныя плямёны злучаліся ўжо ў невялікія народы, у якіх, аднак, род, фратрыя і племя захоўвалі яшчэ сваю самастойнасць.

На гэтай ступені мы бачым у грэкаў гарады, абнесеныя мураванымі сценамі, бачым даволі развітае рамяство, але бачым і нявольніцтва. Гэтыя маленькія народы вялі паміж сабою безупынныя войны за лепшыя землі і пасбішчы, за дабычу, у тым ліку за нявольнікаў.

Адна з такіх войнаў — вайна ахейцаў (грэкаў) проці Троі — з’яўляецца прадметам «Іліяды». Праўда, «Іліяда» абымае не ўсю траянскую вайну, а толькі паасобныя з яе эпізоды, якія здарыліся ў працягу 51 дня на дзесятым годзе вайны.

Паміж сучаснасцю і гэтым даволі прымітыўным грамадствам — тры тысячы гадоў гістарычнага развіцця. Сучасная тэхніка, смела можна сказаць, закасавала фантазію гамераўскай міфалогіі. Нашыя самалёты лятаюць хутчэй за звестуноў грэцкіх багоў,