А сам граматыку нясе,
Што ў семінар’ях абучаюць.
VII.
Во, нешта разам зашумелі,
Народ раздаўся на канцы
І, як бы птушкі, праляцелі
Чатыры добрых малайцы.
Народ то быў ўсё не такоўскі:
Сам Пушкін, Лермонтоў, Жукоўскі
І Гоголь. Шпарка каля нас
Прайшлі, як павы, на Парнас.
Ну, словам, многа тут народу
Сабралась лезьці на Парнас:
Былі паны, было і зброду,
Як часам і на сьвеце ў нас.
Праміж людзей і я штурхаўся
І ціснуўся, што ёсць пары;
Вось чуць-ня-чуць такі прабраўся
І лезу проста да гары.
VIII.
Узлез, гляджу — аж хата нова
Стаіць, зазвычай, панскі двор,
Кругом яго там тын яловы:
Нябось, ня плох — ня ўлезе вор!
А на дварэ там сьвіньні ходзяць,
Сабакі, козы, бараны…
Знаць і багі хадзяйства водзяць,
Калі свіньней дзержаць яны.
На грошы ў тронкі тут гуляюць
Парнаскі хлопцы — дзяцюкі;
А хто капейкі з іх ня маець,
Той лупіць толькі у шлякі.