Старонка:Symon muzyka 1925.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І тады нібы праз сон
Штось мільгнецца на хвілінку,
Але што - ня ўцяміць ён
І ня можа даць назовы,
Што чуваць у тых званох,
Бо ўлавіць там сэнсу мовы,
Адгадаць яе ня мог,
Але чуў ён, чуў душою
Сэрцам чуткім і жывым
У тым звоне штось такое,
Што жыло і ў ім самым.
Ды ніхто ня знаў тых струнаў,
Патайных ніцей душы,
Што злучаюць гук пярунаў
З немым голасам цішы,
Бо і ў тэй цішы зацятай
Ёсьць і голас і свой твар,
Рознастайны і багаты,
Поўны музыкі і чар.
Бедны хлопчык быў загнаны,
У бацькоў нялюбы сын,
Бо відочныя заганы
І меў толькі ён адзін.
Не такі, як усе дзеці,
Нейкі вырадак, дзіўны,
Нёс віну за ўсё на сьвеце,
Вінаваты бяз віны.
З ім і дзеці ня дружылі,
Ня прыймалі да гульні,
І ў самоце прахадзілі