Некаторыя абвесткі нельга былое ўлажыць ў мэлёдыю марша, але фэльдфэбэль як мага стараўся перамагчы падобнага роду цяжкасьці, і таму адбіваў такт кулакамі па стале і з запалам тупаў нагамі. Кончыкі яго ліпкіх ад выпітае кантушоўкі вусоў задзірыста тарчалі з абодвых бакоў твару, нібы хто ўваткнуў у абедзьве яго шчакі пэндзлікі з абсохлым гумі-арабікам. Фэльдфэбэль вылупіў на Швэйка пухлыя ад п’янства вочы і, спыніўшы на момант стукаць кулаком і прытопчваць, пачаў сьпяваць на іншы мотыў новую абвестку: «Спрактыкаваная акушэрка прапануе свае паслугі. Поўная гарантыя таемнасьці».
Гэты тэкст ён паўтараў усё цішэй і цішэй; нарэшце змоўк і тупа ўтаропіўся ў газэтны ліст з абвесткамі, дазволіўшы такім чынам Швэйку пачаць гутарку на ламанай нямецкай мове пра тое, як здарылася з ім сумнае непаразуменьне.
Швэйк пачаў з таго, што ён меў рацыю, як казаў, што трэба было ісьці ў Фэльдштэйн берагам ручаінкі, і што няма ў тым яго віны, калі нейкі невядомы яму рускі салдат уцёк з палону і ўздумаў пакупацца ў возеры, паўз якое давялося праходзіць яму, Швэйку, бо ягоны абавязак, як кватэр’ера, загадаў яму ісьці ў Фэльдштэйн найкарацейшаю дарогаю. Вядома, расеец задаў лататы, як толькі яго ўбачыў, і кінуў сваю форменую вопратку на волю лёсу. Ну, а ён, Швэйк, чуў, што на фронце скарыстоўваюць форму забітых варожых салдатаў, як ідуць на разьведку, дык і ён апрануў на сябе пакінутую вопратку, каб пераканацца, як бы ён адчуваў сябе ў такім выпадку ў чужой форме.
Калі такім чынам Швэйк растлумачыў усё гэтае непаразуменьне, дык заўважыў, што дарам толькі траціў словы, бо фэльдфэбэль ужо моцна спаў яшчэ раней, чым Шзэйк дайшоў да возера.
Швэйк падыйшоў да яго і фамільярна патрос за плячо. Гэтага было даволі, каб той адразу зваліўся з крэсла на падлогу, ня спыняючы скапойнага храпу.
— Даруйце, пане фэльдфэбэль, — прамовіў Швэйк, казырнуў і вышаў з канцылярыі.