У маёра Вольфа была думка, што расейцы палонныя знарок утойваюць свае таленты, бо здаралася, што на яго пытаньне: «Умееце класьці чыгунку», усе палонныя, як адзін, адказвалі: «Мы ня ведаем, бо і ня чулі. А толькі мы заўсёды жылі, як бог казаў».
Калі палонныя выстраіліся перад маёрам Вольфам і ягоным штабам, той перш-на-перш спытаўся па-нямецку, хто з іх ведае нямецкую мову.
Швэйк рашуча выступіў наперад, выцягнуўся перад маёрам, адказыраў і паведаміў, што ведае па-нямецку.
Маёр Вольф, відаць, вельмі ўзрадаваўся і зараз-жа запытаўся, ці не інжынэр ён.
— Не, я не інжынэр, а ротны ордынарац 11-ае маршавае роты, 91-га пяхотнага палка і трапіў я ў палон да нашых-жа. А здарылася гэта от як.
— Што такое? — зароў маёр.
— Так яно, пане маёр. Дазвольце паведаміць, што справа была…
— Вы, напэўна, чэх? — зноў закрычаў маёр Вольф. — Вы пераапрануліся ў расійскую форму, вы…
— Так яно, пане маёр, дазвольце паведаміць, так яно і было. Я вельмі ўсьцешыўся да душы, што вы, пане маёр, так хутка зразумелі маё становішча. Магчыма, што нашы ўжо там, дзе ваююць, а я магу тут без карысьці прашвэндацца ўсю вайну… Дык дазвольце яшчэ раз вытлумачыць, як была справа, пане маёр.
— Будзе, годзе! — закрычаў маёр і загадаў двум салдатам адвесьці Швэйка на гаўптвахту, а сам ён пайшоў сьледам за ім, размаўляючы з нейкім афіцэрам; у кожнай яго фразе згадвалася пра чэскіх сабак. І ў той час яго спадарожнік мог пераканацца, што маёр вельмі ўзрадаваўся, што яму пашанцавала, праз яго пранікавасьць, злавіць аднаго з гэтых шыбенікаў, пра здрадніцкую работу якіх месяцаў колькі перад гэтым усім командзірам былі разасланы сакрэтныя абежнікі, дзе адзначалася, што шмат хто з перабежчыкаў чэскіх палкоў