Старонка:Sud u lese.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І хто мог падумаць? Эх, сука!
А быў так лісліў і рахман!
І першы заўсёды на сходах
Крычаў за совецкую ўласць,
А што ён узычыў народу?
Такія згрызоты, напасць!

Бяда, непакой у Слабодках -
Жыві на нямецкі манер!
І ходзіць народ, бы ў калодках.
І дзе той Мікітка цяпер?

IV

Ці не стрэў хто ў надвячорак
Пад мястэчкам хлапчука
З парай ясных строгіх зорак,
Што, відаць, шоў здаляка?

Калі стрэлі, ці спыталі,
Скуль вандроўнік той і чый?
І якой шукаў ён Галі,
Ён і ёмкі яго кій?

Ды каму што да малога?
Хто іх можа ўсіх спытаць?
Нават трудна ўсіх, бо многа,
Добрым словам прывітаць.

Эх, не мала крыўда носіць
Па зямлі гаротнай ног,
Па зямлі, што кроўю росіць
Травы, кветкі ўскрай дарог!