Старонка:Sud u lese.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка не была вычытаная

З будынкаў, што немцы спалілі,
Астаўся адзін катушок,
Прыгрэбнік пад порывам гнілі,
Прыпаўшы на жоўты пясок.

Бярложак Мікітка ў ім зладзіў,
Саломы і сена прынёс.
Прысеў там, як цар на пасадзе,
Хоць цар не зазнаў яго слёз.

Над стрэшкай працягла сасонка
Шушукала з ветрам начным,
Над вухам камарык гуў тонка
Напевам сумотным адным.

Ды дзесь за ракою, над лугам
Засвішча, бы ў дудку, кулік,
А мыслі плывуць сваім кругам -
Дарогай сірот-гарамык.

II

Ноч. У мроку нікнуць травы
І кусты.
Месяц рог спускае правы
Ў лес густы.

Сее зорачкі-каралі
Млечны пас.
Пеўні поўнач адкрычалі -
Позні час.