Старонка:Sud u lese.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

I

Адзін ён цяпер, сіраціна:
Ні маткі няма, ні сястры,
А клуня, свіронак, хаціна
Згарэлі, як свечкі ў кастры.

Матулю забілі без жалю,
Забралі карову з двара,
А Галю, нявіную Галю,
На глум павяла немчура.

Як перст, ён адзін, небарака,
Туман не зыходзіць з вачэй.
Употайку горка ён плакаў,
Каб слёзы схаваць ад людзей.

А людзі яму спагадалі
І клікалі жыць да сябе,
Хоць самі пакуты зазналі,
Ліпелі, як ліст на вярбе.

Раздумаў, разважыў Мікітка -
Развагам навучыць бяда.
На хлебе сядзець чужым брыдка,
І кут свой пакінуць шкада.