Старонка:Sud u lese.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Толькі-ж кроў не падаруе
Тым, хто кроў зраўняў з вадой.
Кроў замые гніль старую
Разам з дзікаю ардой.

Кроў гартуе тых ваякаў,
Што паўсталі за свой край.
Хто не гнуўся і не плакаў,
А казаў: "Браты, ўставай!"

Кроў сыноў-герояў родзіць,
Раздзімае помсты жар.
Згінеш ты, нямецкі збродзе,
Тлум забойцаў і пачвар.

Кліча кроў: "На бой ідзеце!
Смерць нямецкаму ярму!
Сонца вечна людзям свеціць.
Хто прыйшоў з цьмы, сойдзе ў цьму!"
Кліч пачуў той і Мікітка,
Ён ідзе на свой адум,
А крумкач, як варажбітка,
Падае свой голас: "Крум!"

V

Ідзе Мікітка на разведкі,
Дазнацца хоча пра сястру,
А разам з гэтым неўзаметкі
Ці не асочыць немчуру,

Таго забойцу, гада-звера,
Што прычыніў такое зло.
Ён помніць добра афіцэра,
Яго звярынае мурло.