Старонка:Sienkievic.Bartek pieramoznik.djvu/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каю шэпча яму ў вуха: „Пан пасол!“ Ён у сваю чаргу ўсьмяхаецца й абое яны нявымоўна шчасьлівыя. Абаім вельмі хочацца расцалавацца, але пры гасьцёх гэта нязручна. Усе прысутныя штомінюты з нецярплівасьцю паглядаюць у вакно, таму што справа сапраўды важная. Ранейшы, нядаўна памёршы, пасол быў паляк, і толькі першы раз у гэтым вокрузе немцы выстаўляюць свайго кандыдата. Як відаць, пераможная вайна зрабіла іх адважнейшымі, але якраз дзеля гэтага для ўсіх сабраных у пагнэмбінскім двары тым болей важна, каб быў выбраны іхні кандыдат. Яшчэ перад палуднем няма недахвату ў патрыятычных прамовах, якія робяць асабліва моцнае ўражаньне на маладую гаспадыню, як няпрывыкшую да іх. Час ад часу яе ахапляе пабойваньне. А што, калі немцы зробяць якія-нібудзь злаўжываньні пры падлічаньні галасоў? Але-ж у камітэце засядаюць не адны немцы. Людзі, дасьведчаныя ў гэтым сэнсе, тлумачаць ёй, як адбываецца аблічаньне галасоў. Яна чула гэта ўжо сто разоў, але й яшчэ хоча чуць. Дый ня дзіўна. Гэта-ж справа крыецца ў тым, ці будзе ў мясцовага насяленьня ў парлямэнце абаронца, ці вораг? Гэтае важнае пытаньне хутка вырашыцца, навет вельмі хутка, таму што ўжо на дарозе раптоўна паднімаюцца стаўпы пылу. „Ксёндз едзе! ксёндз едзе!“ — гукнулі прысутныя. Пані Яжынская бялее. На тварах усіх сабраных адбіваецца неспакой. Хоць і ўсе пэўны ў перамозе, аднак-жа ў апошнюю мінюту ўва ўсіх сэрцы пачынаюць стукаць мацней.